УЛЬТРАФІЯЛЕ́ТАВАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

нябачнае вокам эл.-магн. выпрамяненне ў спектральнай вобласці паміж бачным і рэнтгенаўскім выпрамяненнямі ў дыяпазоне даўжынь хваль λ 400—10 нм.

Адрозніваюць вобласці блізкага, ці звычайнага У.в. (400—200 нм) і далёкага, ці вакуумнага (200—10 нм). Пры ўзаемадзеянні У.в. з рэчывам могуць адбывацца іанізацыя яго атамаў і фотаэфект. Характэрна памяншэнне празрыстасці (павелічэнне каэф. паглынання) большасці цел, празрыстых у бачнай вобласці (з памяншэннем λ каэф. паглынання У.в. павялічваецца, і пры λ < 105 нм празрыстых для У.в. цел няма). Крыніцы У.в.: Сонца, зоркі, туманнасці і інш. касм. аб’екты (з-за паглынання азонам, кіслародам і інш. кампанентамі атмасферы і міжзорнага асяроддзя да паверхні зямлі даходзіць толькі У.в. з λ > 290 нм), а таксама газы (аргон, ксенон) і пара металаў (ртуці, цынку) у стане ўзбуджэння (напр., у эл. разрадзе), некаторыя газавыя лазеры, высокатэмпературная плазма, паскораныя электроны і інш. Прыёмнікі У.в.: фотаэлементы, фотаэлектронныя памнажальнікі, іанізацыйныя камеры, лічыльнікі фатонаў і інш. Люмінафоры ператвараюць У.в. ў бачнае — на гэтым заснаваны прылады для візуалізацыі відарысаў у У.в. На выкарыстанні У.в. заснаваны метады люмінесцэнтнага аналізу, фотаэлектроннай спектраскапіі, ультрафіялетавай мікраскапіі, фоталітаграфіі, дэфектаскапіі і інш. Біял. дзеянне У.в. абумоўлена хім. змяненнем малекул біяпалімераў, у асноўным нуклеінавых кіслот і бялкоў, і выяўляецца ў парушэнні дзялення, узнікненні мутацый і гібелі клетак. Малыя дозы У.в. дабратворна ўплываюць на чалавека і жывёл — спрыяюць утварэнню вітамінаў групы D, паляпшаюць імунабіял. ўласцівасці.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 16, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)